Ошибка :

Показать отладочную информацию

Маляваныя мары
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

Маляваныя мары

     У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 10 лютага 2023 года адбылася цікавая падзея –  адкрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўныя ўзоры”. Праект дае магчымасць раскрыць творчы патэнцыял кожнага дзіцяці, далучыць да каштоўнасцей нацыянальнай мастацкай культуры, стварыць умовы для самарэалізацыі дзяцей і падлеткаў.

     Выстава “Чароўныя ўзоры”  – гэта шырокая панарама творчых пошукаў у галіне мастацкага роспісу.  На выстаўцы прадстаўлены вырабы самых розных рэчаў як мастацкага, так і гаспадарчага прызначэння, якія ўражваюць напаўрэальнымі, непасрэднымі сюжэтамі, сакавітымі фарбамі і ўзорамі арнаменту, разнастайнай стылістыкай, казачнай прыгажосцю. Творчыя работы адзначаюцца рознымі выразнымі падыходамі да ўвасаблення народных традыцый і сучасных тэндэнцый у стварэнні мастацкіх распісных вырабаў.

     Даволі поўна прадстаўлены асаблівасці народнага традыцыйнага роспісу, яго тэхналагічныя і вобразна-тэматычныя аспекты. Беларускі дэкаратыўны роспіс – найцікавы від вясковай творчасці. Па своеасаблівасці вобразных рашэнняў, дэкаратыўным эфектам і выканальніцкаму майстэрству беларускі роспіс – нацыянальны набытак культуры краіны.

     Большую частку экспазіцыі займае роспіс па тканіне. Гэта вырабы “маляваных дываноў”, розных па кампазіцыйна-дэкаратыўным вырашэнні – раслінна-арнаментальныя і сюжэтна-тэматычныя. У работах прысутнічае мастацкі пошук новага вобразнага рашэння, сюжэты са спрошчанай формай і каларыстыкай, выкарыстанне новых дэкаратыўных прыёмаў.

     Частку экспазіцыі прадстаўляюць вырабы роспісу па дрэве – гэта кухонныя камплекты, наборы дошак, дэкаратыўныя талеркі, сувенірныя шкатулкі, насценныя пано і інш.

     Найбольш ярка асаблівасці роспісу па дрэве выявіліся ў дэкору куфраў. Сёння куфры выйшлі з ужытку, але на выстаўцы прадстаўлены маленькія куфэркі. Асабліва прыгожыя, аздобленныя букетамі і гірляндамі кветак, расліннымі парасткамі, далікатныя і тонкія па дэкору з г. Белаазёрска, Ляхавіч, Ліды, Веткі.

     Даволі папулярны від дзіцячай творчасці – роспіс па шкле. Мастацкі роспіс па шкле прадстаўлен на выстаўцы малюнкамі на шкле, вітражным роспісам, незвычайнымі бутэлькамі, талеркамі. Сучасныя матэрыялы для роспісу даюць магчымасць ствараць вельмі цікавыя мастацкія творы. Сюжэты работ розныя – гэта архітэктурныя помнікі Беларусі, пейзажы традыцыйныя і фантастычныя букеты, вазоны, арнаментальныя фігуры жывёл, птушак, народныя святы і інш.

     Знаёмства з экспазіцыяй дазваляе заўважыць станоўчы фактар – большасць вырабаў тым ці іншым чынам звязаны з народнымі традыцыямі, але развіваюцца і сучасныя напрамкі. Назіраецца цікавасць да захавання старажытных тэхналогій. Сёння педагогі надаюць вялікую ўвагу тэхналагічнаму боку працы – асноўная  частка работ выканана на высокім узроўні. Галоўнае, каб пры гэтым маглі захоўвацца і важнейшыя якасці дзіцячых твораў – непасрэднасць, свабода фантазіі, яркая вобразнасць.

     Прадстаўленыя работы даволі шырока характарызуюць асаблівасці развіцця беларускага народнага роспісу, але і знаёмяць з наватарскімі мастацкімі пошукамі.