Ошибка :

Показать отладочную информацию

РЭСПУБЛІКАНСКАЯ КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКАЯ АКЦЫЯ “ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ – 2021-2022”
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

РЭСПУБЛІКАНСКАЯ КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКАЯ АКЦЫЯ “ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ – 2021-2022”

    Трылогія малой радзімы натхніла арганізатараў праекта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, на генерацыю цікавай і актуальнай тэмы – тэмы роднай мовы.

    Ідэяй-дэвізам рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі сталі радкі верша Янкі Купалы “МАГУТНАЕ СЛОВА, ТЫ, РОДНАЕ СЛОВА!”.

    Тэматычную экспазіцыю склалі больш за дзве сотні твораў студэнтаў 24 устаноў вышэйшай адукацыі – творчыя работы ў адпаведнасці з намінацыямі: “Летэрынг”, Каляровая графіка. Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. 

    Асновай творчых работ у намінацыі “Летэрынг” сталі выкананыя ў тэхніцы “Летэрынг” (літаральна – “маляванне літарамі, словамі”) творчыя асэнсаванні цытаты беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі:

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

     У намінацыі Каляровая графіка. Рэхарыфма” прадстаўляюцца творчыя работы, паштоўкі і віншаванкі, аснову якіх складае візуалізацыя беларускіх прыказак і прымавак, ілюстрацыі беларускіх свят. Пры падрыхтоўцы работ аўтары ўжывалі беларускія сімвалы і арнаментальныя матывы, якія адносяцца да пэўнага беларускага абраду, свята. Сэнсам творчых работ сталі словы Ларысы Геніюш:

Мова родная, мова дзядоў!

Іншай мовы мы сэрцам не чуем.

     У намінацыі Фотаканцэпт” аснову творчых работ складае візуалізацыя рэдка ўжывальных у сучасным жыцці або забытых беларускіх слоў. Аўтары стварылі фотапартрэты з аб’ектам і рэпартажныя фотаздымкі выяў, падзей, якія з’яўляюцца ілюстрацыямі да выбраных імі слоў. Аўтараў натхнялі словы Кастуся Цвіркі:

Як скарб дарагі,

Перададзены ў спадчыну,

У сэрцы хавае народ мой ад здрад

Праменнае звонкае слова матчына

Для песень сонечных i балад!

     Для ўдзелу ў намінацыі “Візуальны сэт” прадстаўлены творчыя работы ў розных тэхніках выяўленчага мастацтва, якія з’яўляюцца ілюстрацыямі цытаты Якуба Коласа:

Слова – радасць, слова – чары,

Вобраз вечна юных вёсен,

Ёсць ты ўсюды: у сонцы, у хмары,

Ты глядзіш праз неба просінь.

Лашчыш слух мой, слова-ззянне,

Атуляеш сэрца ласкай,

Ноч і вечар, дзень, світанне

Абняло ты, слова-краска.

     Сінтэз паэтычнага слова, традыцый беларускай культуры, жывапісу, графікі, фатаграфіі, лічбавай творчасці дазваляюць пазнаёміцца з візуалізацыямі эстэтычных уражанняў і мастацкімі эксперыментамі студэнцкай моладзі.

     Праект “Грані творчасці” – яркая старонка ў шматгранным мастацкім жыцці студэнцкай моладзі.

     Са снежня 2020 года, стартаваўшы ў Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, рэспубліканская культурна-асветніцкая акцыя працягнулася да сакавіка 2022 года.

     Экспазіцыя лепшых творчых работ пабывала ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.

     На працягу амаль двух лет шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, інтэрактыўных прэзентацый, творчых сустрэч з мастакамі і пісьменнікамі адбыліся ва ўніверсітэтах Беларусі:

УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”,

УА “Палескі дзяржаўны ўніверсітэт”,

УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт  імя Францыска Скарыны”,

УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту”,

УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна”,

УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”,

УА “ Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”,

УА “Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт”,

УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”,

УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”,

УА “ Вiцебскi дзяржаўны ўнiверсiтэт імя П. М. Машэрава”.

     Дыялог роднай беларускай мовы і сучаснай візуальнай творчасці студэнцкай моладзі стаў ўвасабленнем слоў вядомага беларуса Навума Гальпяровіча:

Захавай маю мову, чарговы наш век,

як мелодыю свету, якую я чую!