Ошибка :

Показать отладочную информацию

Адкрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дпт “Між зямлёй і сонцам”
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи

Адкрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дпт “Між зямлёй і сонцам”

Ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 26 верасня 2019 года адбылося адкрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Між зямлёй і сонцам”.

Да пачатку адкрыцця гасцям было прапанавана прыняць удзел у творчых майстэрнях па саломапляценню і кераміцы.

Добрыя словы на адкрыцці выстаўкі выказала намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ісачкіна Ларыса Анатольеўна: “Сапраўды, прадстаўлена ўся Беларусь, і менавіта гэта вялікі плюс выстаўцы ў цэлым. Пахваліць можна вельмі многіх. Педагогі вельмі кваліфікавана падыходзяць да сваёй справы, да папулярызацыі традыцый. Уражанне ад дзіцячых работ самае станоўчае”.

Старшыня журы Церах Людміла Багданаўна пазначыла значнасць дадзенага мастацкага праекта, выказала падзяку ўсім удзельнікам выставы-конкурсу, пажадала творчых поспехаў і перамог.

Сваімі выступамі заразілі ўсіх добрым настроем навучэнцы калектываў Нацыянальнага цэнтра: народнага цымбальнага ансамбля “Ведрыца” (кіраўнік Грэчык Н.А.), узорнага ансамбля танца “Натхненне” (кіраўнік Крапіўніцкая Г.Г.), заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ўзорнага ансамбля песні і танца “Зорачка” (кіраўнік Навіцкая А.М.), подыум-школы “Fashion style”  (кіраўнік Іваноў І.Л.) і прызёр Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” – Аляксандра Тавоніус (кіраўнік Рачкоўская Н.Я.).

На выставе прадстаўлена шырокая панарама творчых пошукаў у галіне саломапляцення і кераміцы.

Гэта вырабы самых розных рэчаў як гаспадарчага, так і мастацкага прызначэння, якія здзіўляюць лёгкасцю, зручнасцю, прыгажосцю.

Выразныя і разнастайныя падыходы да ўвасаблення народных традыцый і актуальных тэндэнцый у стварэнні мастацкіх аб’ектаў з саломы і гліны. 

Разнастайна прадстаўлены асаблівасці саломапляцення, яго тэхналагічныя і вобразна-тэматычныя аспекты. Вялікую частку экспазіцыі займае саламяная скульптура. Гэта выраб розных аб’ёмных фігурак – лялек, птушак, жывёл і нават цэлыя кампазіцыі на бытавыя тэмы.Частку экспазіцыі складаюць бытавыя рэчы: куфэркі, шкатулкі, латкі, выплеценыя з асаблівым стараннем.

Нельга пакінуць без увагі і зварот да ўзораў народнага касцюма – саламяны капялюш. Ён абавязковая і вельмі важная дэталь беларускага мужчынскага касцюма.

Таксама на выстаўцы прадстаўлены і дэкаратыўныя жаночыя ўборы.

Мастацкі пошук новага вобразнага і пластычнага выяўлення саломы, выкарыстанне новых канструкцыйных і дэкаратыўных прыёмаў, мы бачым у калекцыі адзення “Золата сонца” навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка” (педагог Коваль Ірына Міхайлаўна) ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”.Упрыгожваюць прастору выставы падвясныя “павукі”.

У гэтым выглядзе мастацкай работы з саломай мы бачым, што аўтары знаходзяць усё новыя выразныя магчымасці.

Апрача традыцыйных рамбічных і пірамідальных “павукоў” прадстаўлены сучасныя дэкаратыўныя падвясныя канструкцыі.

Важнае месца ў экспазіцыі займае і сучасны напрамак саломапляцення – пляценне кветак, складанне кампазіцый і букетаў.

Прадстаўленыя працы адзначаюцца вытанчанасцю дэкаратыўна-мастацкага выгляду, неабмежаванай фантазіяй, ювелірнасцю пляцення.

На выставе сустракаюцца дэкаратыўныя кампазіцыі з казачнымі птушкамі і жывёламі, пано па тэматыцы – архітэктурныя помнікі Беларусі, выкананыя ў тэхніцы аплікацыі саломкай.

Інтарэс выклікае экспазіцыя з гліняных вырабаў: разнастайныя бытавыя керамічныя рэчы: спарышы, збаны, слоікі, міскі і інш.; калекцыі гліняных цацак і свістулек.

Прадстаўлена вялікая колькасць фігурнай ляпной керамікі: конікі, жывёлы, птушкі, лялькі, апранутыя ў стылізаваныя народныя строі.

Частку экспазіцыі, дзе размешчаны бытавыя рэчы, адрознівае мастацкая цэльнасць, – яна ўяўляе сабой яскравы прыклад адраджэння старажытнага рамяства. 

Асобая група экспанатаў, якая складаецца з “музычных інструментаў” – вызначаецца разнастайнасцю прыёмаў і тэхнік.

Гэта і свістулькі, і бразготкі, і акарыны і інш. Прадстаўленыя працы адзначаюцца вытанчанасцю дэкаратыўна-мастацкага выгляду, неабмежаванай фантазіяй.

Пры знаёмстве з экспазіцыяй бачыцца станоўчы фактар – большасць вырабаў тым ці іншым чынам звязана з народнымі традыцыямі.

Назіраецца цікавасць да захавання старажытных тэхналогій.

Заўважана, што педагогі надаюць вялікую ўвагу тэхналагічнаму боку працы – асноўная большасць работ выканана на высокім узроўні.

Галоўнае, каб пры гэтым маглі захоўвацца і важнейшыя якасці дзіцячых твораў – непасрэднасць, свабода фантазіі, яркая вобразнасць.

Па выніках рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Між зямлёй і сонцам” можна сцвярджаць аб значнасці заяўленай тэмы. 

ФОТА