Ошибка :

Показать отладочную информацию

Чароўныя ўзоры ў дзіцячым цэнтры
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

Чароўныя ўзоры ў дзіцячым цэнтры

Чароўныя ўзоры ў дзіцячым цэнтры

    Ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 17 верасня 2021 года адбылося адкрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўныя ўзоры”.

    На выставе прадстаўлена шырокая панарама творчых пошукаў у галіне такога віда дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як выцінанка. Гэта вырабы самых розных рэчаў як гаспадарчага, так і мастацкага прызначэння, якія здзіўляюць лёгкасцю, вытанчанасцю і прыгажосцю.

    Выцінанка – гэта мастацтва выразання карункавых ўзораў з белай і каляровай паперы. Яно стала распаўсюджана ў народным побыце беларусаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’еру традыцыйнага жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы ХХ стагоддзя. Сучасная выцінанка стала сапраўдным мастацтвам, пры гэтым працягваючы традыцыі продкаў.

    На пярэдадні выставы рэспубліканскае журы ацэньвала дзіцячыя працы. Аглядаючы работы, член журы Маркавец Таццяна Віктараўна адзначыла: “Сапраўды, прадстаўлена ўся Беларусь, і менавіта гэта вялікі плюс выстаўцы ў цэлым. Пахваліць можна вельмі многіх. Педагогі вельмі кваліфікавана падыходзяць да сваёй справы, да папулярызацыі традыцый. Уражанне ад дзіцячых работ самае станоўчае”. Старшыня журы Сухая Наталля Аляксандраўна пазначыла значнасць дадзенага мастацкага праекта, выказала падзяку ўсім удзельнікам выставы-конкурсу, пажадала творчых поспехаў і перамог.

    На адкрыцці выставы заразілі ўсіх добрым настроем сваімі выступамі навучэнцы калектываў Нацыянальнага цэнтра: народнага цымбальнага ансамбля “Ведрыца” (кіраўнік Грэчык Н.А.), заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ўзорнага ансамбля песні і танца “Зорачка” (кіраўнік Навіцкая А.М.), подыум-школы “Fashion style” (кіраўнік Іваноў І.Л.), харэаграфічнага ансамбля «Смайлики» (кіраўнік Марозава Я.М.), а таксама салістка Анастасія Сабалеўская з творчым нумарам “Гляне сонца” і прызёр Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” – Артур Буткевіч з вершам “Дзедаў госць”.

    На выставе прадстаўлена каля 400 індывідуальных і калектыўных работ. Кожная работа адметна сваей складанай кампазіцыяй, сваёй гісторыяй, сюжэтам і тэматыкай. Прадстаўленная выцінанка разнастайная і багатая па зместу і формах: побытавыя фіранкі, сурвэткі, падузорнікі; сюжэты на традыцыйныя тэмы (букеты, кветкі ў вазонах, дрэвы жыцця, птушкі), кампазіцыі з антрапаморфнымі і архітэктурнымі выявамі, а таксама народных святаў, абрадаў і многія іншыя вырабы і арт-аб’екты.

    Шырока прадстаўлены асаблівасці выцінанкі, яе тэхналагічныя і вобразна-тэматычныя аспекты.

    Нельга пакінуць без увагі зварот да традыцый у вырабах з паперы: сурвэтках і рушніках, выкананых навучэнкамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” г. Крычава і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Бабруйска, Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

    Мастацкі пошук новага вобразнага і графічнага выяўлення паперы, выкарыстанне новых канстукцыйных і дэкаратыўных прыёмаў, мы бачым у наборы паштовак “Ад Масквы да Брэста…”, выкананых Бародзіч Вікторыяй, навучэнкай узорнай студыі саломапляцення і выцінанкі “Добры настрой” сярэдняй школы № 3  г. Мінска.

    Выразныя і разнастайныя падыходы да ўвасаблення народных традыцый і актуальных сучасных тэндэнцый у стварэнні мастацкіх аб’ектаў з паперы можна пабачыць у сучасных фіранках Коўшар Дар’і, навучэнкі аб’яднання па інтарэсах “Папяровыя карункі” Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

    Упрыгожваюць прастору выставы работы, дзе аўтары знаходзяць усё новыя выразныя магчымасці. Асаблівы інтарэс выклікае работа Лявонавай Аліны, навучэнкі ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Фантазія і Я”  Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Бабруйска – “Казка ў чамадане”. Гэты сапраўдны тэатр ценяў з казачнымі героямі, які толькі і чакае каб з імі зладзілі спекталь.

    Можна ўпэўненна казаць, што усе прадстаўленыя працы адзначаюцца вытанчанасцю дэкаратыўна-мастацкага выгляду, неабмежаванай фантазіяй.

    Пры знаёмстве з экспазіцыяй бачыцца станоўчы фактар – большасць вырабаў тым ці іншым чынам звязана з народнымі традыцыямі. Назіраецца цікавасць да захавання старажытных тэхналогій. Заўважана, што педагогі надаюць вялікую ўвагу тэхналагічнаму боку працы – асноўная большасць работ выканана на высокім узроўні. Галоўнае, каб пры гэтым маглі захоўвацца і важнейшыя якасці дзіцячых твораў – непасрэднасць, свабода фантазіі, яркая вобразнасць.

    Сёння выцінанку не сустрэнеш у дамах, але яе перавялі на прынцыпова новы ўзровень і ствараюць у гэтай тэхніцы сапраўдныя творы мастацтва.

    Такім чынам, выцінанка – адначасова і традыцыйнае мастацтва, і вельмі сучаснае, экалагічнае і ўніверсальнае. Займацца выцінанкай можа кожны. Для гэтага патрэбныя толькі нажніцы, папера і фантазія!

    Па выніках рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўныя ўзоры” можна сцвярджаць аб значнасці заяўленай тэмы.

    Запрашаем усіх жадаючых на экскурсію “Мастацтва паперы і нажніц” па выставе.