
БУДЗЕМ ЗНАЁМЫ !
Кераміка, якая аб’ядноўвае
![]() |
Раманюк Вольга Уладзіміраўна, педагог дадатковай адукацыі ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі |
У складзе ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” працуе аб’яднанне па інтарэсах “Кераміка”. Адукацыйная праграма аб’яднання па інтарэсах уводзіць навучэнцаў у дзіўны свет творчасці, дае магчымасць паверыць у сябе, у свае здольнасці, накіравана на развіццё нестандартнага мыслення, творчай індывідуальнасці, фарміраванне навыкаў самарэалізацыі асобы.
Асноўная мэта дзейнасці керамічнай майстэрні – ТВОРЧАСЦЬ: фарміраванне творчых адносін навучэнцаў да вывучэння наваколля і ўмення адлюстраваць яго ў керамічных вырабах, развіццё здольнасці думаць канструктыўна, ствараць новыя кампазіцыйныя формы.
Што нас аб’ядноўвае?
- Любоў да прыгожага, зацікаўленасць выбранай справай.
- Вывучэнне традыцый і пазнанне новых тэхналогій у керамічным мастацтве.
- Імкненне да дасягнення поспеху.
- Атмасфера захопленасці і прыняцця станоўчага выніку, а затым і яго практычнага прымянення.
- Сумесная праца дзяцей з педагогам, творчая работа над праектам, сумесныя практычныя заняткі.
З чаго пачынаецца навучанне керамічнаму мастацтву?
У аб’яднанні па інтарэсах навучэнцы знаёмяцца з асновамі лепкі. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца ручная лепка. На занятках студыі хлопчыкі і дзяўчынкі:
- працуюць з глінай, шамотам, гіпсам, вучацца “разумець” розны матэрыял;
- вывучаюць розныя прыёмы і спосабы лепкі;
- займаюцца глінянай цацкай, дэкаратыўнай и скульптурнай пластыкай, дэкараваннем керамікі;
- авалодваюць майстэрствам ганчарнай справы;
- развіваюць творчае бачанне рашэння мастацкіх задач;
- знаёмяцца з традыцыйнай керамікай і яе рэгіянальнымі асаблівасцямі;
- ажыццяўляюць актыўную выставачную дзейнасць.
З першых практычных заняткаў дзеці вучацца працаваць па плане: эскіз – увасабленне ў матэрыяле – выяўленне формы з дапамогай дэкаратыўных фактур. ТВОРЧАСЦЬ на занятках у студыі абуджае фантазію дзіцяці, выклікае жаданне тварыць і фарміруе дабразычлівыя адносіны да жыццяі і да навакольных.

У кожнага навучэнца ёсць магчымасць перажыць радасць творчасці, адчуць шчасце і гонар за вынікі сваёй працы, удзельнічаючы ў выставачнай і конкурснай дзейнасці:
- выставы-прэзентацыі творчых дасягненняў навучэнцаў на розных пляцоўках сталіцы;
- праект “Галерэя пашаны «Персона года»”;
- рэспубліканскія конкурсы юных майстроў;
- міжнародныя і рэспубліканскіямастацкія конкурсы, выставы дзіцячай творчасці.
![]() |
![]() |
Асаблівая ўвага ў адукацыйным працэсе студыі надаецца даследчай і праектнай дзейнасці. Праектная дзейнасць можа ажыццяўляцца індывідуальна, па абранай навучэнцам тэме (такой тэмай можа стаць найбольш хвалюючая, якая цікавіць, у якой дзіця раскрываецца творча). Прыкладам з’яўляецца творчы праект навучэнца Турута Глеба (10 гадоў), прысвечаны архітэктуры Гаўдзі. Навучэнец выканаў серыю аб’ёмных керамічных мадэляў і графічных пано пад уражаннем архітэктуры вялікага мастака.
Прыкладам мэтанакіраванай даследчай творчай дзейнасці калектыву юных керамістаў з’явілася калектыўная работа “Казкі пра чароўны збанок”. Праект ажыццяўляўся ў рамках удзелу ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” з мэтай знаёмства з гісторыяй развіцця накірунку ўтылітарна-мастацкай керамікі праз самастойную працу па засваенні працэсу вырабу керамічнай кампазіцыі з увасабленнем аўтарскага замыслу.
Вынікам экскурсіі ў Івянецкі музей традыцыйнай культуры у рамках рэалізацыі праекта стаў індывідуальны праект-даследаванне навучэнкі Лізаветы Шах па вывучэнні івянецкай традыцыі вырабу ўтылітарна-мастацкай керамікі. Дзяўчынка зрабіла керамічную фігурку ільва, якая пераклікалася з традыцыйнымі вырабамі, але была па дзіцячаму непасрэдная.
Дзяцей у студыі вельмі зацікавіў гэты праект і працэс выканання здаваўся захапляльным. Аказалася вельмі цікава паразглядаць вырабы, зразумець, як гэта было зроблена і паспрабаваць свае сілы. Так пачалося новае даследаванне: ад вывучэння да ўвасаблення ідэй, ад традыцый да сучаснасці.
Вынікам цікавага і вельмі захапляльнага творчага праектнага працэсу стала калекцыя “Чароўныя збанкі”.
![]() |
“Казка пра чароўны збанок” прынесла нашаму аб’яднанню па інтарэсах перамогу ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”. Праектныя творчыя работы неаднаразова выкарыстоўваліся для экспаніравання на розных выставачных пляцоўках, у тым ліку ў галоўнай выставачнай зале Нацянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. |
Сёння працягваецца работа па спалучэнні сучасных адукацыйных практык і творчых эксперыментаў з традыцыйнымі і новымі матэрыяламі і тэхналогіямі керамічнага майстэрства: ручная лепка, работа на ганчарным коле, знаёмства с гіпсамадэльнай справай.
![]() |
![]() |
![]() |
На выніковых занятках аб’яднання па інтарэсах у маі 2021 года навучэнцы прадставілі тэматычныя экспазіцыі, мноства цікавых творчых работ, якія ярка прадэманстравалі іх захопленасць керамічнай справай, любоў да заняткаў, сваё майстэрства і поспехі.
“Я ЛЮБЛЮ СВАЮ СПРАВУ!” – фотагалерэя творчых работ навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “КЕРАМІКА”.
Важным напрамкам далейшай рэалізацыі праграммы аб’яднання па інтарэсах “Кераміка” з’яўляецца ўдзел у мерапрыемствах рэспубліканскага праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці” – аб’яднанне сваіх інтарэсаў вакол выбранай справы і магчымасць убачыць сябе ў люстэрцы гісторыі і культуры сваёй краіны.
Дарагія дзеці! Заўжды рады бачыць вас на занятках, на выставах у аб’яднанні па інтарэсах “Кераміка”.


















