Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
  • ул. Кирова 16
  • +37517 327-08-75

Саматканы цуд

Ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у чэрвені 2017 года пачала сваю працу Рэспубліканская выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд”. Арганізатары конкурсу ставілі галоўнай мэтай выстаўкі развіццё і папулярызацыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выяўленне і падтрымку юных талентаў. 

У выстаўцы-конкурсе прынялі ўдзел больш за 600 навучэнцаў устаноў адукацыі ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Было прадстаўлена 400 работ з усіх рэгіёнаў краіны, выкананых у наступных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: ткацтва, вышыўка, габелен, лямец. На выстаўцы можна ўбачыць шмат паясоў, ручнікоў, сурвэтак, абрусы, беларускія традыцыйныя рэгіянальныя касцюмы і яго элементы, тэкстыльныя аўтарскія лялькі і лялькі ў народных строях; тэкстыльны арт-аб’ект. 

2 чэрвеня 2017 года адбыўся заключны этап рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу – работа журы, у склад якога ўвайшлі Шчамялёва Маргарыта Леанідаўна, в.а. загадчыка кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дацэнт, мастак, старшыня журы; Высоцкая Хрысціна Ігараўна, выкладчык кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; Кузьменка Кацярына Анатольеўна, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі; Белая Марына Юр’еўна, супрацоўнік сектара выставачнай работы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі; Скварнюк Святлана Леанідаўна, загадчык сектара выставачнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, сакратар.

Пры ацэнцы творчых работ, прадстаўленых на выстаўку-конкурс у адпаведнасці з намінацыямі і ўзроставымі катэгорыямі ўдзельнікаў, журы ўлічвала захаванне беларускіх народных рамёстваў; выкарыстанне новых тэхнік і тэхналогій у творчых работах; кампазіцыйнае і каляровае рашэнне; спалучэнне традыцыйнай творчасці і сучаснай культуры; арыгінальнасць ідэі, самабытнасць мастацкага ўвасаблення. Журы вызначыла 25 пераможцаў і 51 прызёра Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд” у трох узроставых катэгорыях: 6-9 гадоў, 10-12 гадоў, 13-16 гадоў і намінацыях: “Захаванне беларускіх нацыянальных традыцый”, “Арыгінальная ідэя і творчае рашэнне”, “Інавацыйная тэхніка выканання”.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў выстаўкі-конкурсу адбылася 15 чэрвеня ў выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасцi дзяцей i моладзi. 

Добрыя словы ўдзельнікам выстаўкі-конкурсу выказалі члены журы Белая Марына Юр’еўна і Кузьменка Кацярына Анатольеўна. Яны выказалі словы падзякі ўсім удзельнікам выставы-конкурсу, пажадалі творчых поспехаў і новых перамог.

У свяце прынялі ўдзел больш за 100 навучэнцаў і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны. У рамках свята дыпломамі I, II, III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны пераможцы і прызёры рэспубліканскай выставы-конкурсу. 

Для ўдзельнікаў свята выступілі творчыя калектывы Нацыянальнага цэнтра: творчая майстэрня вакалу “Трыумф”, народны вакальна-інструментальны ансамбль “Чырвоныя зоркі”, подыум-школа “Fashion Style”.

Здзівілі і парадавалі эксперыментам у форме перформанса “Арахнафобія” вучні ўзорнай студыі “Крынічка” пад кіраўніцтвам Кашкурэвіч Вольгі Мікалаеўны. Сваім спектаклем яны зрабілі спробу расказаць пра сучаснае перасэнсаванне міфа пра ткачыху Арахну і павука – ткача сусвету.

Свята прадэманстравала вялікую цікавасць, актыўнасць навучэнцаў і педагогаў краіны ў рэспубліканскім праекце дэкаратыўна-прыкладной творчасці, гонар за высокія творчыя вынікі і імкненне да новых дасягненняў.

Выстаўка-конкурс раскрыла шырокую панараму творчых пошукаў у галіне ткацтва, вышыўкі, валяння, тэкстыльных лялек. Выразнымі і разнастайнымі былі падыходы да ўвасаблення народных традыцый і актуальных тэндэнцый у стварэнні мастацкіх аб’ектаў. Даволі поўна прадстаўлены рэгіянальныя асаблівасці ткацтва і вышыўкі, іх тэхналагічныя і вобразна-тэматычныя аспекты.

Вялікую частку экспазіцыі займаюць беларускія ручнікі, тканыя ці вышытыя. Гэта чырвона-паласатыя ручнікі Заходняга Палесся (Бярозаўскі, Столінскі, Ляхавіцкі раёны), усходне-палескія ручнікі, якія сінтэзавалі дзве моцныя этнакультурныя традыцыі – заходне-палескую чырвона-белую паласатасць і падняпроўскую сематычна-знакавую насычанасць чырвонага ромба-геаметрычнага арнаменту (Лунінецкі, Калінкавіцкі раёны), ручнікі Падняпроўя – рэгіёна найбольш выразных і багатых па сваей разнастайнасці мастацкіх традыцый (Неглюбскі раён), ручнікі Паазер’я (Полацкі, Віцебскі раёны), ручнікі Цэнтральнай Беларусі (Капыльскі, Старадарожскі, Слуцкі раёны), ручнікі Панямоння з перавагай у каларыстыцы натуральных колераў (Гродзенскі раён). Паказаныя ручнікі здзівілі сапраўднай высакароднасцю чырвона-белай каларыстыкі і стрыманай выразнасцю геаметрычнай арнаментыкі.

На выставе прадстаўлены вышытыя ручнікі са старажытным беларускім геаметрычным арнаментам, ёсць стылізаваныя раслінныя матывы, фігуркі чалавека, птушак, жывёл, выкананыя амаль ва ўсіх тэхніках вышыўкі: вышыўка крыжыкам, процяг, гладзь, мярэжка, роспіс, хардангер. Некаторыя ручнікі аздоблены карункамі, махрамі, кутасамі. 

Частку экспазіцыі, дзе былі размешчаны паясы, адрознівае мастацкая цэльнасць, выразная “канцэптуальнасць” – яна ўяўляе сабой яскравы прыклад адраджэння старажытнага рамяства. Пояс – абавязковая і вельмі важная дэталь касцюма. Важнае месца пояс займаў у розных звычаях і абрадах беларусаў: паясы дарыліся музыкам, родзічам жаніха, гасцям; поясам звязвалі першы сноп ураджаю, спавівалі немаўлят. З поясам звязваліся розныя прыкметы, павер’і, загаворы, гаданні. Лічылася, што пояс аберагае ад няшчасцяў.

 Тэхніка вырабаў, прадстаўленых на выставе беларускіх народных паясоў, вызначаецца разнастайнасцю прыёмаў: тканыя на дошчачках, тканыя на ніту, тканыя на бердзечку, плеценыя і тканыя на кроснах. 

Габелены, прадстаўленыя на выставе, выкананы ў класічнай тэхніцы габелена з ужываннем сучасных тэхнік. Фактурныя габелены зроблены з выкарыстаннем сумахавай тэхнікі ручнога ткацтва. Таксама на выставе ёсць міні-габелены з тэматыкай роднага краю. 

Нельга пакінуць без увагі і часты зварот да ўзораў народнага касцюма – прадстаўлена вялікая колькасць лялек, апранутых у стылізаваныя народныя строі. Можна адзначыць больш і менш удалыя работы. Вялікую цікавасць прадстаўляюць прыклады ўжывання аўтэнтычнага тэкстылю – тканіны, карункаў, вышыўкі і г.д. Асаблівую павагу выклікаюць спробы мастацкага пераасэнсавання дакладных узораў. Адзінае, што хацелася б пажадаць мастацкім кіраўнікам – больш знаёміць дзяцей з сапраўднымі творамі народнага мастацтва (як з музейнымі экспанатамі (асабліва ў вялікіх гарадах), так і непасрэдна падчас магчымых міні-этнаграфічных экспедыцый).

Пры знаёмстве з экспазіцыяй адразу стаў прыкметным моцны станоўчы фактар – большасць прац тым ці іншым чынам звязана з народнымі традыцыямі. Назіраецца цікавасць да захавання старажытных тэхналогій. Заўважана, што мастацкія кіраўнікі надаюць вялікую ўвагу тэхналагічнаму боку працы – асноўная большасць работ выканана на вельмі высокім узроўні. Галоўнае, каб пры гэтым маглі захоўвацца і важнейшыя якасці дзіцячых твораў – непасрэднасць, разняволенасць фантазіі, яркая вобразнасць.

Па выніках Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дзіцячай творчасці “Саматканы цуд” можна сцвярджаць аб значнай папулярнасці заяўленай тэмы. Вялікая колькасць прадстаўленых работ даволі поўна характарызуе рэгіянальныя, стылістычныя і тэматычныя асаблівасці развіцця старажытнага мастацтва. Шырокай разнастайнасцю і высокім прафесійным узроўнем адрозніваецца тэхналагічны бок прадстаўленых твораў. Заўважана пільнае стаўленне да нацыянальных традыцый у спалучэнні з наватарскімі мастацкімі пошукамі.

Запрашаем наведаць Рэспубліканскую выстаўку-конкурс “Саматканы цуд”
з 12 чэрвеня па 31 жніўня 2017 года ў выставачнай зале
Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Фота


Загадчык сектара выставачнай работы Скварнюк Святлана Леанідаўна